135-гадовы юбілей вялікіх песняроў беларускага народа Янкі Купалы і Якуба Коласа

2017-й год у нашай краіне пройдзе пад знакам 135-гадовага юбілею вялікіх песняроў беларускага народа, класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

“Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа – гэта тыя вежы, з якіх мы, беларусы, бачым цэлы свет, і па якіх свет бачыць нас”, – так трапна вызначыў ролю нашых славутых песняроў беларускі паэт, празаік, перакладчык Віктар Шніп. І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Якуб Колас і Янка Купала – выразнікі нацыянальнай самасвядомасці, народных пачуццяў. У сваіх творах яны раскрылі нацыянальны характар, асаблівасці духоўнага складу і жыцця беларусаў, выявілі незвычайную сілу і творчую магутнасць беларускага слова. Лірыка Янкі Купалы – гэта лірыка прарока, прадказальніка. Лірыка Якуба Коласа – перажыванні рэальнага, звычайнага, канкрэтнага чалавека.

Якуб Колас – адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры і стваральнікаў беларускай літаратурнай мовы. Шматграннасць яго таленту выявілася як у паэзіі, так і ў прозе, публіцыстыцы, у дзіцячай літаратуры. Якуб Колас заклаў асновы беларускага рамана. Ён – настаўнік некалькіх пакаленняў сучасных беларускіх пісьменнікаў.

Купалу мы ведаем як паэта і драматурга, аўтара цудоўных п’ес «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо». Гэта ўзвышаны і рамантычны паэт. Любоў да Радзімы і нянавісць да яе прыгнятальнікаў гучалі на ўсіх этапах яго творчасці – ад пафасных вершаў «Мужык» і «Там» да шчырай і задушэўнай песні аб будучай перамозе над гітлераўскім фашызмам «Зноў будзем шчасце мець і долю».

Гістарычная заслуга Янкі Купалы і Якуба Коласа заключаецца перш за ўсё ў тым, што яны стварылі сапраўдныя шэдэўры нацыянальнага мастацтва і тым самым узнялі беларускую літаратуру да ўзроўню перадавых літаратур свету.

Сайт Президента РБ Сайт Могилевский облисполком Могилевский горисполком Сайт Министерство образования РБ Сайт управления образования Могилевского облисполкома Могилевский областной институт развития образования Национальный правовой интернет-портал РБ Детский правовой сайт