ТЫДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ЛІТАРАТУРЫ

Родная зямля! Бацькаўшчына! Радзіма! Родны кут! Бацькоўскі дом! Маці! Родная мова! Гэтыя словы самыя дарагія і блізкія для кожнага чалавека. Яны сталі лейтматывам тыдня беларускай мовы і літаратуры, які прайшоў у нашай школе.

Асноўнымі задачамi правядзення тыдня беларускай мовы і літаратуры з’яўляліся:
- павышэнне цiкавасцi вучняў да прадметаў “Беларуская мова” i “Беларуская лiтаратура”, а таксама беларускай культуры, традыцый;
- папулярызацыя беларускай мовы;
- развiццё індывідуальных здольнасцей адораных вучняў і выяўленне адоранасці ў працэсе сатворчасці;
- далучэнне да лепшых узораў сучаснай беларускай музычнай творчасці;
- знаёмства з творчасцю пісьменнікаў-землякоў;
- вывучэнне культуралагічнага аспекту беларускамоўнай спадчыны, яго выкарыстанне ў працэсе пазаўрочнай дзейнасці;- папулярызацыя здабыткаў беларускай культуры.

Кожны дзень настаўнікі паспрабавалі напоўніць цікавымі падзеямі і мерапрыемствамі, каб яны, з аднаго боку, не заміналі напружанаму навучальнаму працэсу, а з другога – былі змястоўнымі, карыснымі і даступнымі для тых, хто цікавіцца родная культурай.

Натуральна, што ўсе мерапрыемствы, аб’явы і навіны былі толькі на роднай мове. Арганізатары Тыдня як мага заахвочвалі навучэнцаў нашай школы размаўляць на беларускай мове і часцей карыстацца ёй у паўсядзённым жыцці.

Распачаўся Тыдзень традыцыйнай акцыяй “Размаўляй са мной па-беларуску”. Дзеці прымацоўвалі сімвал акцыі (у гэтым годзе ім была абрана рукавічка са словамі з верша паэткі Яўгеніі Янішчыц “Размаўляй са мной па-беларуску”) і на ўсіх перапынках стараліся размаўляць на роднай мове.

Настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Ярмоленкай А.М. быў аформлены стэнд к Міжнароднаму дню роднай мовы, а загадчыцай бібліятэкі Кавалёвай А.А. – кніжныя выставы: «Родная мова – крыніца празрыстая», «Старонкі гэтых кніг – гісторыя сама» (Да года гістарычнай памяці). На працягу ўсяго тыдня загадчыца бібліятэкі са сваімі памочнікамі праводзіла лінгвістычныя хвілінкі “Час пытанняў і адказаў: «Якія знаёмыя назвы і словы, якая цудоўная родная мова!”

У панядзелак настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Кушняровай Ж.С. было праведзена пазакласнае мерапрыемства “У роднай мовы роднае карэнне», на якім вучні 5В класа з задавальненнем удзельнічалі ў шматлікіх конкурсах і віктарынах, паказалі добрыя веды па лексіцы беларускай мовы. Таксама ў гэты дзень Кавалёвай А.А. быў праведзены вусны часопіс “Я люблю цябе, роднае слова!”, на якім вучні 5-х класаў адказвалі на пытанні віктарын, узгадвалі беларускія народныя загадкі і казкі, вандравалі па цікавых месцах нашай краіны. Закончыўся гэты дзень пазакласным мерапрыемствам «Моўнае свята» сярод 6Д, Е, Ж класаў (настаўнік Далініна С.Л.), падчас якога вучні пазнаёміліся з багацейшымі ведамі нашых продкаў, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў абрадах і звычаях, гульнях і песнях.

Аўторак распачаўся беларускімі народнымі песнямі, якія гучалі ў фае школы на ўсіх перапынках. Працягам Тыдня стаў конкурс на лепшага знаўцу беларускай мовы «Пільнае вока», праведзены Калачовай Л.М. сярод вучняў 9А, Г, Д класаў, і ў гэты ж дзень Калачова Л.М. правяла сярод вучняў 6Г класа міні-віктарыну «Паўтараем, на роднай мове размаўляем», падчас якой вучні паказалі сваё веданне роднай мовы, сваіх каранёў.

Цікава і займальна прайшла і серада. У школьных кабінетах на перапынках вучні з задавальненнем глядзелі мультыплікацыйныя фільмы на беларускай мове: “Прыгоды Несцеркі”, “Піліпка”, “Аповесць мінулых гадоў”, “Пра рыцара, што нікога не баяўся”. Таксама ў гэты дзень сваё веданне роднай мовы паказалі навучэнцы 7Е класа (настаўнік Дзмітрыева Т.Р. у інтэлектуальнай гульні «Скарбы роднай мовы»”. Таксама вучні 9-10 класаў паспрабавалі свае сілы ў выразным чытанні вершаў А.В. Пысіна (настаўнік Калачова Л.М.). Пераможцамі сярод іх сталі вучаніцы 10Б класа Янкоўская Паліна, Ткачова Кацярына, Аляксеенка Дзіяна, Капылова Ксенія.

У чацвер лектарская група з 9В класа (настаўнік Кушнярова Ж.С.) абыходзіла і малодшыя, і старэйшыя класы з цікавымі звесткамі пра нашу Радзіму, а таксама з заклікам паважаць і шанаваць нашу родную мову.

У пятніцу адбылося сапраўднае свята: вучні слухалі вершы і песні на роднай мове, прымалі ўдзел у апытанках.

А напрыканцы тыдня ў суботу настаўнікам Ярмоленкай А.М. быў праведзены ФЭСТ “Мая зямля, мая Радзіма – Беларусь”, на якім вучні 5Б класа дакрануліся да славутай мінуўшчыны Беларусі, пазнаёміліся з цікавымі і невядомымі звесткамі пра Беларусь, сталі сапраўднымі знаўцамі сваёй краіны.

І закончыўся Тыдзень роднай мовы школьным этапам Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. У алімпіядзе прынялі ўдзел 79 вучняў 5-8 класаў. Пры правядзенні Тыдня ўсе настаўнікі беларускай мовы і літаратуры выказалі вучням пажаданне размаўляць на роднай мове не толькі падчас правядзення мерапрыемстваў у школе.

Кіраўнік МА настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Кушнярова Ж.С.


Яндекс.Метрика

Сайт Президента РБ Сайт Могилевский облисполком Могилевский горисполком Сайт Министерство образования РБ Сайт управления образования Могилевского облисполкома Могилевский областной институт развития образования Национальный правовой интернет-портал РБ Детский правовой сайт